Праграмы для iPhone на беларускай мове

Слоўка

Як мы рабілі Слоўка

Як выглядае падрыхтоўка да App Store для дадатку на мове, якой у App Store няма.

Апублікавана 18 верасня 2026 iOS · SwiftUI ASO · дызайн · іконка

Слоўка — гульня ў словы і тлумачальны слоўнік беларускай мовы ў адным дадатку. Кожны дзень адно слова з пяці літар на ўсіх, шэсць спробаў, а пасля разгадкі — слоўнікавы артыкул: значэнне, часціна мовы, род, стылёвая пазнака. Асобнай укладкай жыве сам слоўнік: пошук, пераход па літарах, фільтры паводле пазнак.

Усё змесціва — па-беларуску. Словы, інтэрфейс, значэнні. Лакалізацыі на іншыя мовы не будзе і не плануецца: дадатак існуе для носьбітаў канкрэтнай мовы. Пры гэтым выходзіць ён ва ўсіх краінах, дзе працуе App Store.

З гэтага спалучэння — мова адна, вітрына глабальная — вынікла амаль усё, што апісана ніжэй.

01 Мовы няма ў спісе

Першае, аб што спатыкаецца такі праект: беларускай няма сярод лакаляў метаданых App Store Connect. Apple падтрымлівае 49 моваў — там ёсць руская, польская, украінская, чэшская, — беларускай сярод іх няма. Слота «метаданыя па-беларуску» фізічна не існуе.

Гэта прымушае развесці дзве рэчы, якія інтуітыўна здаюцца адной.

Мова змесціва задаецца лакалізацыямі ў бандле. iOS беларускую падтрымлівае, і калі дадаць be, на старонцы прадукту ў радку «Мовы» з'явіцца Belarusian. Гэта адзінае месца, дзе Apple афіцыйна вымаўляе назву мовы.

Мова метаданых — асобная гісторыя. Беларускі тэкст даводзіцца фізічна ўпісваць унутр слотаў іншых лакаляў. Так робяць усе малыя мовы; правілы гэтага не забараняюць — яны забараняюць набіваць метаданыя чужымі гандлёвымі маркамі, а не пісаць на сваёй мове.

Далей пачынаецца арыфметыка: які слот у якой вітрыне чытаецца.

02 Слот, які працуе не там, дзе напісана

App Store індэксуе ключавыя словы не з адной лакалі на вітрыну, а з асноўнай плюс другасных. І вось што з гэтага вынікае: у літоўскай, латышскай і эстонскай уласных лакаляў у App Store Connect няма зусім. Іх вітрыны індэксуюць English (U.K.).

А ў Літве жыве 57,5 тысячы беларусаў.

Слот «англійская брытанская» ў гэтым праекце запоўнены беларускай кірыліцай. Гэта не англійская для англічан — гэта транспарт у Вільню і Рыгу.

Той самы слот працуе фолбэкам яшчэ ў паўтары сотні вітрын, у якіх сваёй лакалі няма. Таму ён асноўны і самы нагружаны, а англійскі тэкст адправіўся ў амерыканскі слот, дзе ён і патрэбны.

Разам сем камплектаў метаданых, кожны са сваёй задачай:

СлотШто праз яго чуваць
en-GBАсноўны. Фолбэк для ўсіх вітрын без сваёй лакалі, плюс Літва, Латвія, Эстонія, Польшча, Германія, Чэхія. Запоўнены па-беларуску.
en-USВітрына ЗША. Англійскі загаловак, каб дадатак знаходзілі тыя, хто шукае па-англійску.
ruРускамоўны пошук дыяспары. Адзіная кірылічная лакаль, што індэксуецца ў амерыканскай вітрыне.
plПольшча — найбуйнейшая дыяспара і галоўны плацёжаздольны рынак.
ukІндэксуецца адразу ў дзвюх вітрынах, украінскай і расійскай.
cs, deЧэхія і Германія — прыкметныя напрамкі выезду.

Сто знакаў, а не сто байтаў

Асобная пастка, на якой я страціў палову палёў. Ключавыя словы абмежаваныя сотняй — і я лічыў іх байтамі, бо кірыліца ў UTF-8 займае па два. У рускім камплекце замест ста знакаў стаяла сорак дзевяць.

Поле лічыць знакі. Кірылічная літара — адзін знак, роўна як лацінская. Пасля пераліку кірылічныя камплекты выраслі ўдвая.

03 Дзе аўдыторыя і дзе грошы — гэта розныя мапы

Паміж 400 і 418 тысячамі грамадзян Беларусі жывуць і працуюць за межамі краіны. У Польшчы 173–188 тысяч, у Літве 57,5 тысячы — гэта даныя на канец 2024 года. То бок асноўная аўдыторыя прадукту на беларускай мове знаходзіцца не ў Беларусі.

А вось мапа грошай выглядае яшчэ інакш. З 1 красавіка 2026 года Apple цалкам адключыла прыём плацяжоў у Расіі: новыя пакупкі і ўбудаваныя пакупкі немагчымыя. У Беларусі карты мясцовых банкаў пад абмежаваннямі міжнародных плацёжных сістэм.

Адсюль рашэнне, якое вызначыла прадуктовую мадэль: «слова дня» — паўнавартасны бясплатны прадукт, а не дэма. У Беларусі і Расіі дадатак жыве як бясплатны і мусіць быць самадастатковым. Платны бясконцы рэжым — для тых вітрын, дзе пакупка наогул магчымая.

І гэта ж трапіла ў тэксты: бясплатнасць рэжыму дня заяўленая відавочна ва ўсіх сямі лакалях, а не схаваная ў дробны шрыфт.

04 Іконка, якая чыталася як памылка друку

Самая доўгая частка працы. Першая іконка была літарай ў на чырвонай плашцы — знак мовы, усё лагічна.

Праблема вылезла там, дзе іконку не разглядаюць асобна. У выдачы пошуку App Store іконка і назва стаяць ушчыльную, памерам 60 пікселяў, і паўплываць на гэтую вёрстку немагчыма — радок збірае Apple. Вока сумленна спрабавала прачытаць пару цалкам і атрымлівала «ўСлоўка».

Параўнанне іконкі з назвай у выдачы пошуку
Дыягназ. Манаграма з першай літары працуе — «N Notion», «P Pinterest» вока чытае як лагатып плюс назва. Але ў не першая літара слова «Слоўка», таму пара чытаецца як адзін радок з лішняй літарай у пачатку. Справа не ў тым, што іконка літарная, а ў тым, што літара чужая для пачатку слова.

Адсюль тры напрамкі: ператварыць гліф у графічную форму, каб ён перастаў чытацца як сімвал; узяць ад літары толькі дыякрытыку; альбо сысці ад літары зусім. Па два варыянты на кожны.

Глядзець іх паасобку бессэнсоўна — судзіць трэба на той паверхні, дзе ўсё ламаецца. Таму параўнанне сабранае як імітацыя выдачы пошуку.

Шэсць напрамкаў іконкі ў маштабе выдачы пошуку
Шэсць напрамкаў у рэальным маштабе. Першы радок — зыходны стан, з якім параўноўваем.

Тупік, які варта апісаць

Найдаўжэй я важдаўся з варыянтам «абрэзаная Ў»: гліф павялічаны і падрэзаны краямі плашкі, каб чытаўся як форма, а не як набраны сімвал. На буйным памеры выглядала мацней за ўсё астатняе.

І не працавала. Атрымлівалася літара V з чымсьці накшталт тэлефоннай трубкі зверху.

Дваццаць адна апрацоўка ў тры праходы паказала, што гэта не пытанне падгонкі, а ўласцівасць самога гліфа. Дэфекты два, і яны цягнуць адзін аднаго. Хвост у «у» — адзінае, што адрознівае яе ад V; як толькі абрэзка яго з'ядае, чаша чытаецца як V. А брэве ў ў аддзелены ад літары па сваёй прыродзе: у наборы гэта незаўважна, але на памеры іконкі зазор ператвараецца ў пустэчу, і дужка становіцца самастойным прадметам.

Апускаць літару ніжэй — горш: хваста застаецца яшчэ менш, а дужка ад'язджае да цэнтру і вісіць прыкметней. У вялікай Ў дужку можна абрэзаць верхнім краем, тады яна прырастае да мяжы і трубка знікае, — але цела літары без хваста чытаецца ўжо адкрыта як V пад казырком.

Чатыры апрацоўкі абрэзанай Ў
Напрамак закрыты. Злева направа: зыходная абрэзка, спроба апусціць літару ніжэй, вялікая Ў з дужкай, што прырастае да краю, і курсіў — адзіная апрацоўка, дзе нахіл разгортвае дужку па дыяганалі, а выгнуты хвост не дае чашы выраджацца ў V.

Курсіў праблему вырашаў. Але да гэтага моманту стала зразумела, што задача фармулюецца інакш.

Адказ: пакінуць адну дыякрытыку

Літара «у» ёсць ва ўсіх кірылічных мовах. Ў ёсць практычна толькі ў беларускай. То бок апазнавальны знак — не літара, а дужка над ёй.

Калі прыбраць літару і пакінуць брэве, знікаюць адразу абедзве праблемы. Сутыкнення з назвай няма, бо гэта ўжо не сімвал. І маштабуецца лепш за ўсё астатняе: гэта адзін штрых, ён не разваліцца ні на 29 пікселях, ні на чым меншым.

Фінальны знак у пяці памерах, светлы і цёмны
Вынік. 180, 120, 60, 40 і 29 пікселяў, светлы і цёмны варыянты, і пара з назвай у маштабе выдачы. Знак намаляваны тым самым закругленым штрыхом, якім набраныя пліткі ў інтэрфейсе.

Размен тут сумленны і яго варта назваць: знак абстрактны. Сам па сабе ён не паведамляе ні што гэта гульня ў словы, ні што яна беларуская — у выдачы чытаецца хутчэй як усмешка ці чара. Значыць, усю нагрузку па тлумачэнні бяруць на сябе падзагаловак і першы скрыншот, а пазнавальнасць нарабляецца паўтарэннем: адзін і той жа знак у іконцы, фавіконе, картках шэрынгу.

05 Скрыншоты: галерэя адказвае на тры пытанні, а не на адно тройчы

Першы сабраны набор складаўся з шасці кадраў, пяць з якіх былі адным і тым жа экранам. Экран выніку ў трох варыянтах, гульня ў працэсе — чацвёртым.

Вітрына мусіць адказаць на тры розныя пытанні: што гэта, чым яно асаблівае, чаму варта паставіць. Той набор тройчы адказваў на першае.

Знайшліся яшчэ дзве рэчы. Ва ўсіх гульнявых кадрах стаяў бясконцы рэжым — то бок вітрына паказвала платны рэжым і хавала бясплатны штодзённы, які і ёсць кручок. І два вынікі з трох былі пройгрышамі.

Выніковы парадак пяці скрыншотаў
Выніковы парадак. Першы кадр абавязаны растлумачыць прадукт цалкам без подпісу: сетка зверху, вынік, слоўнікавы артыкул — па плошчы артыкул перавышае гульню, і гэта правільна адлюстроўвае прадукт. Далей слоўнік, потым клавіятура, потым другі рэжым. Пяты кадр з набору прыбраны: пройгрыш, які дублюе першы.

Асобна пра трэці кадр. Ён існуе дзеля клавіятуры: беларуская раскладка з Ў, І і апострафам, без И, Щ і Ъ. Апостраф у ёй — паўнапраўная літара, якая становіцца ў слова нароўні з астатнімі. Гэта тое, чаго не атрымаецца падрабіць перафарбоўкай чужой гульні, і на вітрыне такое варта паказваць.

06 Шэрынг: дзяліцца пытаннем, а не вынікам

Відавочнае рашэнне для гульні — аддаваць у шэрынг вынік партыі. Але вынік паведамляе атрымальніку роўна адно: «я маладзец». Адказаць на гэта няма чым.

Таму ў рэжыме дня шэрыцца азначэнне слова без самога слова. Спойлера няма — слова па-ранейшаму трэба адгадаць. Затое атрымальніку зададзенае пытанне, на якое хочацца адказаць, і ён бачыць беларускі тэкст, нават калі раней яго не бачыў.

«Празрысты каштоўны камень, які сваім бляскам і цвёрдасцю перавышае ўсе іншыя мінералы». Адгадана з трэцяй спробы. Што за слова?

Ніжэй — адзін рад з пяці ячэек з рэальнымі статусамі з партыі гульца, без літар: ён паведамляе даўжыню слова і тлумачыць жанр таму, хто ў гульню не гуляў. Для гульца гэты рад інфармацыйна пусты, і ў гэтым увесь сэнс — шэрынг адрасаваны не яму.

Аддаецца і карцінка, і тэкст, прычым кожны самадастатковы. Не «карцінка плюс подпіс»: розныя месцы бяруць рознае. Сторыс возьмуць толькі карцінку і выкінуць тэкст, «скапіяваць» возьме толькі тэкст. Калі раскласці паведамленне на паловы, у палове выпадкаў з'едзе палова сэнсу.

У бясконцым рэжыме логіка перагортваецца: словы ва ўсіх розныя, загадваць бессэнсоўна, і дзяліцца там няма чым, апроч уласнага выніку. Таму кампазіцыя іншая — вынік буйна, слова і значэнне ніжэй і драбней.

07 Што з гэтага каштавала намаганняў

Калі зводзіць да прынцыпаў, іх атрымалася чатыры.

  • Слот метаданых — не мова, а канал. Запаўняць яго трэба тым, што чытаецца ў мэтавай вітрыне, а не тым, што напісана на ярлыку слота.
  • Судзіць дызайн трэба на той паверхні, дзе ён ламаецца. Іконку — у выдачы пошуку побач з назвай, а не на белым фоне ў буйным памеры. Скрыншот — у стужцы вітрыны, а не на сваім маніторы.
  • Адмоўны вынік эканоміць час, калі яго запісаць. Дваццаць адна апрацоўка ў выглядае марнатраўствам, пакуль не зразумееш, што напрамак закрыты структурна, а не таму, што дрэнна стараліся.
  • Абстрактны знак — гэта доўг, а не знаходка. Яго давядзецца выплачваць падзагалоўкам, скрыншотамі і паўтарэннем.

Дадатак на момант напісання артыкула праходзіць рэўю. Першая падача вярнулася са стандартным запытам інфармацыі, які Apple рассылае новым акаўнтам без гісторыі: відэа працы дадатку і апісанне таго, як да чаго дабрацца. Да змесціва прадукту запыт дачынення не меў.

Ілюстрацыі з іконкамі намаляваныя вектарам і ўзнаўляюць фінальную геаметрыю знака. Скрыншоты — са зборкі для App Store, знятыя на прыладзе.

Іншыя праграмы

  • Дзянёк

    Адрыўны каляндар на беларускай мове

    У распрацоўцы
  • Наступная праграма ў працы.
    Напішыце, калі хочаце прапанаваць ідэю.

← Усе праграмы